Грамадскае аб'яднанне "Цэнтр "Трэці сектар"
Праект "Еўрарэгіён "Нёман" – дыялог без межаў"
Грамадскае аб'яднанне "Цэнтр "Трэці сектар" распачало з вясны 2002 года рэалізацыю праекта "Еўрарэгіён "Нёман" – дыялог без межаў", падтрыманы Прадстаўніцтвам Сусветнага Банка ў Беларусі.
Сёння ў склад еўрарэгіёну ўваходзяць Гарадзенская вобласць (Беларусь), Падляшскае ваяводства (Польшча), Віленскі, Марыямпальскі і Алітускі паветы (Летува), а таксама пяць раёнаў Калінінградскай вобласці Расеі: Чырвоназнаменскі, Несцераўскі, Гусеўскі, Азёрскі і Чарняхоўскі.
Мэтай праекту з'яўляецца стварэнне магчымасцей для развіцця дыялога і супрацоўніцтва паміж НГА, органамі ўлады і бізнэс-структурамі ў межах еўрарэгіёна "Нёман" праз наладжванне сістэмы абмену інфармацыяй, звязанай з транспамежнымі праблемамі і транспамежным супрацоўніцтвам.
Другой важнай мэтай праекта ёсць павышэнне інфармаванасці насельніцтва Гарадзеншчыны пра найбольш важныя падзеі ў грамадска-палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці ў розных частках еўрарэгіёна.
У межах праекта ўвосені будзе праведзены Форум грамадскіх арганізацый еўрарэгіёна "Нёман". У час Форума будуць абмеркаваныя вынікі дзейнасці еўрарэгіёна з пункту гледжання прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый.
Акрамя таго, будзе створаная вэб-пляцоўка "Інфарэгіён "Нёман", на якой будуць змешчаныя базы звестак пра НГА, СМІ, дзярж- і бізнэсструктуры ў межах еўрарэгіёну.
З вясны 2002 года рыхтуецца рассылка інфармацыі "Нёман-Інфарм" (агляд навін і найбольш цікавых падзеяў у розных частках еўрарэгіёна), якая ствараецца на падставе ўласнай інфармацыі, а таксама матэрыялаў СМІ усіх краін еўрарэгіёна.
Калі Вы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з намі, а таксама з іншымі арганізацыямі з розных частак еўрарэгіёна, то напішыце нам - і мы дапаможам знайсці надзейных партнёраў.
Мы будзем удзячны таксама, калі Вы падзеліціся гэтай інфармацыяй са сваімі калегамі, якія працуюць у межах еўрарэгіёна "Нёман".
Нашыя кантакты:
Грамадскае аб'яднанне "Цэнтр "Трэці сектар"
а/с 54, г. Гродна, Беларусь, 230009
тэл./факс: 0-152-96-74-78
e-mail:
sektar@iname.com
www: sektar.cjb.net